01.02.2014

Здымкі нацыянальнага кінапраекту «Авэль» пачаліся са сцэнаў на Плошчы. У якасьці дэманстрантаў на мароз сьцягнулі БРСМ і студэнтаў. Бел-чырвона-белыя сьцягі і масавае скандаваньне «Жыве Беларусь!» адмянілі. Плошча пераўтварылася ў зборышча цітушак і гопнікаў.

artsiadziba_55942CD2-BB48-41C5-B23F-8E084635588F_mw1024_n_s

Яшчэ летась стваральнікі «кіна» Сяргей Ждановіч ды Юры Ігруша запрасілі мяне на вячэру, абяцаючы «стаць часткай грандыёзнай справы»:

«Ты толькі ўяві, Франак, — першы фільм пра Беларусь з удзелам галівудзкіх зорак! Ніякай палітыкі і прапаганды! Мы перавернем кінаіндустрыю ў гэтай краіне», — абяцалі мне, пасёрбваючы са шклянкі ды ўсьміхаючыся.

Мне гэта прыгадала першыя дні ў войску, калі мяне зьбілі і гвалтам у наручніках прывезьлі ў часьць. Тады зампаліт мяне па-бацькоўску абняў і сказаў: «Ты атрымаеш сяржанта. Ты будзеш спакойна служыць, а можа, і раней звольнішся. Толькі не буянь…».

artsiadziba_CA9E9CD8-6A89-4184-814A-F4A86D6BE7D4_mw1351_mh537_s

Ёсьць некалькі момантаў, на якія мне стваральнікі «Авэля» так і не далі адказу.

Першае. Чаму міністэрства культуры раптоўна выдзяляе амаль 21 млрд рублёў ім, прыватным бізнэсоўцам, а не свайму пасынку «Беларусьфільму»? Відаць, гэта сьвядомая стаўка на крэатыўных назалежных творцаў? (Мы ж ня можам дапусьціць, ня дай Божа, што гэта складаная схема «асваеньня рэсурсаў»).

Другое. Калі верыць Юрыю Ігрушу, фільм мае паказаць іншаземцам праўдзівую Беларусь. Якім чынам гэта зробіць рэжысэр, які толькі і ведае пра нашу краіну, што «чыстыя вуліцы» і «Лукашэнка, які гуляе ў хакей»?

artsiadziba_C83F23A3-4AD4-4159-ADD6-91A7898061B4_mw1351_mh537_s

Трэцяе. Калі гэта фільм непалітычны, навошта ўплятаць у сюжэт такія балючыя тэмы, як Плошча і выбух у менскім мэтро? Іх немагчыма разглядаць і ацэньваць асобна ад палітыкі. Падчас выбуху ў мэтро глядач мае зразумець, хто Каін, а хто Авэль.

Калі Плошча — толькі фон для сюжэту, навошта цягам чатырох дзён здымаць для яго масоўку ў сукупнай колькасьці 10 тысячаў чалавек?

І ўрэшце. Ці сапраўды гэта беларускі фільм? Мова — спрэс расейская, сцэнарыст — расейскі, а рэжысэр Дэвіталь aka Васількоў — проста «савецкі чалавек» (менавіта так мне яго прадставіў прадусар Сяргей Ждановіч)? Па вялікім рахунку, беларускае, што ў ім ёсьць, — гэта грошы беларускіх падаткаплатнікаў і частка здымачнай групы.

artsiadziba_0E2037C7-8E69-4CBF-9309-147055204BD2_mw1351_mh537_s

«Добраахвотных» статыстаў на фільм зьбірае Ганна Курэйчык — намесьніца дэкана журфаку па ідэалёгіі — тая самая, якая брала непасрэдны ўдзел у выкіданьні мяне ды іншых занадта самастойных з факультэту. Удзел бяруць і некалькі соцень байцоў спэцназу, які разьбіваў галовы жанчынам ды маім сябрам на Плошчы-2010.

Цікава, як нехта знаходзіць сабе месца ў гэтым праекце сярод гэтых людзей. Гарачая гарбата з булачкай, якую абяцаюць студэнтам за ўдзел у стужцы, — надта слабая матывацыя.

Фота svaboda.org

Система Orphus