26.02.2014

Пасля некалькіх гучных прэм’ераў у беларускім кінематографе, варта было задумацца: — Дык вось ты якое, беларускае кіно!? Доўгачаканыя айчыныя прэм’еры незалежных вытворцаў кароткага метру, а таксама паўнавартасныя творы прызнаных рэжысёраў чамусці не стаяць ў спісе любімых фільмаў большасці насельніцтва.

Справа не толькі ў непрафесійнасці актораў, адсутнасці моцных спецэфектаў і іншага індустрыяльнага шалупіння. Паглядзіце фільм «Клас» з Эстоніі, там усё на ўзроўні D.I.Y., але ж яго глядзяць па ўсім свеце, і, што не мала важна, усе ведаюць што яна эстонская.

Шкада, але сярод беларускіх твораў, падобных прыкладаў не назіраецца, нават і «Случай з Пацаном» 90-х, які прадаваўся на відэа-касетах у Расіі не стаіць у адным шэрагу з творамі краінаў-суседзяў.

Думаю, што ўсім зразумела, што айчаннае кіно ў заняпадзе. Вось на маю думку тры асноўныя прычыны.

Палітызаванасць

палітызаванасць

Не сакрэт, што ўсе буйныя фільмы, якія здымаліся ў Беларусі ці пра Беларусь маюць прыкры смак палітычнай прапаганды. Пры гэтым я не веру ў тое, што чалавек ці фільм могуць быць апалітычнымі. Усё што мы робім ці наадварот не робім цягне за сабой пэўныя палітычныя наступствы.

Але калі параўноўваць беларускае кіно з музыкай, то дзеля таго, каб адпачыць дома пад айчыную кіношку мы можам выбіраць толькі з дзяржаўных гімнаў, пахавальных спеваў ці рэвалюцыйных баладаў.

Адсутнасць самаідэнтыфікацыі

самаідэнтыфікацыя

Калі здымаюць новую беларускую стужку, я чакаю ўбачыць сваю штодзённасць чужымі вачыма і праз прысутнасць пэўных прыкметаў побыту, уласцівага менавіта нашай краіне, адчуць ментальную сувязь, стаць датычным да падзей. Часам, каб зайграла патрыятычная нотка гледача, нас акунаюць у вір палітычных падзей, ці ужываюць словы: «Беларусь», «Краіна», «Я павінен» і г.д.

На мой погляд, у стоадсоткава паспяховай стужкцы, якая будзе здольная абудзіць нацыянальны гонар беларуса не варта ужываць нават і слова «Беларусь». Праз перадачу яскравых акалічнасцяў побыту беларускіх субкультур, асобнаўзятых сем’яў, нашага паскуднага надвор’я і бог ведае чаго яшчэ, можна дакрануцца да сэрца гледача прасцей, чым праз спорныя дзяржаўныя сімвалы.

«Апалітычныя» рэжысёры паступаюць інакш. Каб не чапаць балючых пытанняў мовы і палітыкі, некаторыя рэжысёры здымаюць цалкам па-расейску і робяць усё, каб паходжанне стужкі не было магчыма адрозніць ад маскоўскай кінаіндустрыі. Часам гэта прадыктавана камерцыйнай зацікаўленасцю, але, як паказвае практыка, у выніку гэтыя творы не набываюць папулярнасць ні там, ні тут.

Пыл у вочы ці гіпербалізацыя

пыл у вочы

Ствараючы нешта кінематаграфічнае, нашыя творцы заўсёды перабольшваюць. То гэта «захапляльны» баявік з гелікоптарам і дарагімі машынамі, то гэта аблезлыя гарады з агіт-плакатамі апошняй дыктатуры ў Еўропе. Такое ўражанне што фільмы ствараюцца пад уздзеяннем псіхатропных рэчываў, што ўзмацняюць светаўспрыманне.

Гледача не падманіш, ён ведае што гелікоптэры ў ЗША, а аблезлыя гарады ў Сярэдняй Азіі.

Зразумела, што некаторыя глядзяць кіно, каб натхніца ці паглядець на гіпербалізаваны Мінск. Але калі ты здымаеш не фантастыку, то галоўнае гэта не дэкарацыі, а ўнутраны змест.

Яскравы, але рэалістычны аповед пра прыгоды барысаўскіх гопнікаў будзе выглядаць захапляльным, як для мінскага акадэміка так і для гопнікаў астаніх гарадоў. Бо гопнікі і акадэмікі як «інь і янь» — скадаючыя адной краіны. Дарэчы, брытанскія гопнікі дзякуючы кініматографу сталі правобразам усіх гопнікаў Еўропы. А за імі прыйшла і мода на кепкі ў клетку і спартовыя хуліганскія брэнды вопраткі. Мо варта экспартаваць не толькі трактары?

Прашу заўважыць, што ўсе героі ў артыкуле выдуманыя і ўсе супадзенні з рэальнымі асобамі выпадковыя. Ад душы зычу поспехаў нашым піанерам кінематографа і дзякую ім за іх непасільныя намаганні.

Таксама чытайце іншыя артыкулы на калякіношную тэматыку:
Кінацітушкі для Лукашэнкі. На здымкі фільму «Авэль» запрашаюцца Каіны
Вірус #чтотонетак за адзін дзень захапіў байнэт
OST і DVD-версія фільма «Жыве Беларусь!»

Система Orphus