27.02.2014

«Арт Сядзіба» распачала творчы конкурс «Паэты жывуць у песнях». Яго мэта — папулярызаваць вершы беларускіх класікаў праз музыку. Арганізатары хочуць сабраць песні беларускіх музыкаў на вершы класікаў, а потым праз конкурс сабраць музычную складанку і правесці выніковы канцэрт. Дэдлайн — 12 сакавіка.— Конкурс «Паэты жывуць у песнях» — гэта шанец для тых, хто хоча гучна заявіць пра сябе, яскрава выказаць сваю пазіцыю і падзякаваць нашым паэтам за цудоўныя вершы, — расказвае адна з арганізатараў Наста Нікалаева. — Мы хочам сабраць шмат песень беларускіх музыкаў на вершы класікаў, а потым абраць лепшыя праз народнае галасаванне, — рэзюмуе арганізатарка.

У конкурсе могуць прымаць удзел усе гурты, якія дашлюць песню на беларускай мове, напісаную на верш беларускага паэта. Дасылаць творы трэба на адрас paety.pesni@gmail.com, крайні тэрмін падачы — 15 сакавіка.

Праз конкурс арганізатары хочуць папулярызаваць творчасць беларускіх паэтаў:

— На жаль, моладзь слаба ведае творы беларускай класічнай літаратуры, у прыватнасці — паэзіі. Менавіта таму мы і вырашылі здзейсніць гэты праект, — зазначае арганізатар Эмілія Скарабагатая. — Слухаючы нашу складанку, беларусы не толькі пачуюць цудоўную музыку, але і вывучаць вершы нашых паэтаў.

Пасля народнага галасавання абраныя песні будуць ацэньвацца экспертамі. У выніку адбору будзе вызначаны топ-10 песень, якія і патрапяць у складанку. Напрыканцы сакавіка плануецца выніковы канцэрт і прэзентацыя складанкі ў адным з мінскіх клубаў.

Система Orphus