10.05.2014

«Арт Сядзіба» на Інструментальным завулку, школа арт-менеджараў «Ад ідэі да падзеі!», гумарыстычнае шоў «Стэндап-Кавярня»праект «Паэты жывуць у песнях», серыя лекцый «Дакраніся да вытокаў», ролікі «Heta Svajo» ды вандроўка каманды «Арт Сядзібы» ў Вільню да студэнтаў ЕГУ — гэта ўсё складаючыя часткі жыцця і дзейнасці нашай арганізацыі за апошнія паўгады, якія і ляглі ў аснову новага дакументальнага фільма «Ад ідэі да падзеі —2».

Інтэрнэт-прэзентацыя фільма «Ад ідэі да падзеі —2» запланаваная на 15 траўня. Пакуль мы прадстаўляем ролік, кадры з якога таксама ўвайшлі ў фільм, пра тое, як з 26 па 28 сакавіка «Арт Сядзіба» разам з моладзевай асацыяцыяй «StudAlliance» праводзілі Школу арт-менеджараў у Вільні. Мерапрыемства праходзіла пры падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта.

Заўважым, што гэта будзе ўжо трэці дакументальны фільм, які стварыла каманда «Арт Сядзібы» за апошнія два гады.

Першы дакументальны фільм «Арт Сядзіба. Ад ідэі да падзеі», які выйшаў у траўні 2012-га года, быў прысвечаны ўзнікненню пляцоўкі і існаванню ў былых вытворчых памяшканнях заводу «Гарызонт» на Куйбышава 22.

У гэтым фільме стваральнікі «Арт Сядзібы» распавядаюць пра свае першыя поспехі і планы, а наведнікі пляцоўкі пра ўражанні і чаканні ад месца.

Другі дакументальны фільм «Мова. Музыка. Маладосць», які выйшаў ў лістападзе 2012-га года, на сённяшні дзень толькі на афіцыйным youtube-канале «Арт Сядзібы» паглядзела 8,5 тысяч чалавек.

Фільм прысвечаны развіццю беларускамоўнай альтэрнатыўнай музычнай плыні ад яе зараджэння да сённяшніх дзён. Гэта дакументальная гісторыя фарміравання, развіцця і жыцця беларускамоўнай музычнай творчасці за апошнія трыццаць гадоў з цікавымі фактамі, незабыўнымі гісторыя і расповядамі ўдзельнікаў тых падзей.

Фільм таксама быў прэзентаваны ў сакавіку 2013-га ў Польшчы, таму яго можна глядзець і з субтытрамі на польскай мове.

Система Orphus