Ноч музэяў. Пакуль не ператварылася карэта ў гарбуз

У 2014 годзе 17 траўня ў Эўропе і Амэрыцы адбылася Ноч музэяў. Упершыню акцыя «Ноч музэяў» была зладжана ў Бэрліне ў 1997 годзе, і мела сваёй мэтай паказаць патэнцыял сучасных музэяў, прыцягнуць да іх увагу моладзі.

У Менску на гэтую ноч была заплянавана багатая праграма. Але, калі ў сьвеце ўваход у музэі ці вольны, ці каштуе сымбалічныя грошы, як у Гданьску — 1 злоты (прыкладна 3500 бел.руб.), то ў Менску ня так. Напрыклад, у Нацыянальны мастацкі музэй на праграму «Лабірынты часу» уваход каштаваў 5 даляраў, ды кілямэтровую чаргу. Па меркаваньні наведвальнікаў, экспазыцыя атрымалася цікавая, дзякуючы майстар-клясе «з дудачкамі» ад гурта «Нагуаль».

DSC_0592-14

На ганку адыгралі канцэрт Piotr Klujeu & City jazz quartet, Big Daddy Blues, а хэдлайнэрам выступіў гурт «Серебряная свадьба».

DSC_0443-3

Відавочна было, што большасьць людзей прыйшла, каб паслухаць менавіта яго. Бо падысьці фатографам у першы шэраг не было магчымасьці — 10 чалавек на квадратны мэтар.

DSC_0809-25

Чарга ў музэй сканчалася дзесьці каля піцэрыі «Тэмпа» на вуліцы Карла Маркса і з часам не станавілася карацей.

DSC_0685-20

На гэты дзень горад насамрэч ператварыўся ў эўрапейскі. Трамваі хадзілі да трэцяй ночы, прыгожыя людзі, шмат замежных моваў чулася на вуліцах, сьмех, крычалкі тыпу «Бе-ла-русь!», толькі сумныя немцы шпацыравалі па Нямізе ў адметнай вопратцы, колераў нямецкага сьцяга, пасьля матчу Беларусь-Германія.

Але, як толькі пачуліся царкоўныя званы а 12-й ночы, то нехта з натоўпу сказаў:

— Ну, што? Хутка ідзем да карэты, пакуль яна не ператварылася назад у гарбуз?