25.06.2014

Гурт «AMAROKA» выдаў тысячным накладам у выглядзе паштоўкі свой новы альбом «VIRUS» і прапануе ўсім ахвотным бясплатна яго даслаць поштаю. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую форму, дзе пазначыць каму і куды даслаць альбом-паштоўку.

Паштоўка змяшчае не толькі вокладку, а таксама ўсю інфармацыю пра аўтараў альбому, спіс трэкаў ды ўнікальны QR-код і спасылку, дзе можна вольна спампаваць VIRUS AMAROKA.

Стаць першым уладальнікам альбому ці даслаць яго на паштоўцы сябрам і знаёмым вельмі проста:

 

запоўніце форму на сайце «Арт Сядзібы», пазначце паштовы адрас і VIRUS AMAROKA сам знойдзе вас ужо праз некалькі дзён.

За першы дзень акцыі гурт атрымаў 200 замоваў і першая «вірусная» партыя паштовак ужо адправілася шукаць сваіх уладальнікаў.

amaroka-virus-1

Кажа Зміцер Афанасенка, лідар гурта «AMAROKA»:

«Ідэю з выданнем альбому на паштоўцы нам падказаў Дзіма Ску, які такім чынам выдаваў свае рэлізы. Гэта файная форма і мы раім іншым гуртам падхапіць ідэю. Альбомы на дысках ужо памерлі, а з сённяшнімі тэхналогіямі і даволі хуткім інтэрнэтам нават у Беларусі, спампаваць 100 мегабайтаў нікому не складае праблемаў. Да таго ж гэта даволі бюджэтная форма: ёсць добры падарунак, не горшы за дыск, а друк тысячнага накладу каштуе каля 100 даляраў».

Гурт вырашыў адпаведна назве альбому і распаўсюджваць яго вірусна. Таму сам пакуль не будзе публічна прэзентаваць яго ў інтэрнэце, а спадзяецца, што гэта зробяць тыя, хто атрымаюць яго на паштоўках ужо ў бліжэйшыя дні.

amaroka-virus-2

На вокладцы альбому «AMAROKA» адлюстроўвае кампаненты свайго віруса, якія пазначаныя ноткай, сэрцам, контурамі Беларусі і вуснамі. Расшыфроўвае гурт іх адпаведна: творчасць, каханне, патрыятызм, пяшчота — гэта тыя складнікі, якімі калектыў сам характарызуе сваю творчасць, новы альбом і хоча, каб слухаючы іх песні, усе падхапілі гэты годны вірус.

Пампуйце альбом «VIRUS» тут

AMAROKA-VIRUS

Система Orphus