07.07.2014

Дзень Незалежнасьці адгрымеў. Афіцыйныя асобы задаволеныя, госьці таксама. Але, слухаючы ўжо постфактум як усё адбылося, склалася вельмі дзіўнае ўражаньне, што беларускай нацыі не існуе.
Шчыра кажучы, асабіста я прапусьціў усе афіцыйныя мерапрыемствы і актыўнасьці што адбываліся ў горадзе з нагоды сьвята, таму глядзеў некаторыю сюжэты па тэлевізіі.

Шмат можна гутарыць пра незалежнасьць і залежнасьць, пра дату сьвята, пра парад і пра зьнямоглых вэтэранаў, якія вымушаныя сядзець на трыбунах. Але зараз пішу не пра гэта.

Пасьля прагляду вышэйназваных навінаў пра Дзень Незалежнасьці, я нечакана прыйшоў да цікавай для сябе высновы і знайшоў адказ на пытаньне: Чаму беларусы, нягледзячы на геаграфічныя чыньнікі, ёсьць разьяднанымі?

Справа ў тым, што падчас Дня Незалежнасьці ані разу па тэлевізіі не сказалі пра беларускую нацыю. Толькі пра беларускі народ.

Так казалі, як журналісты, так і простыя людзі, у якіх бралі інтэрв’ю. Дык гэта значыць, што беларускай нацыі не існуе? Што яна не патрэбая нікому, асабліва самім беларусам? Гэта значыць, што працэсы ўтварэньня нацыяў, якія ішлі напачатку 20-га стагодзьдзя, беларусаў абмінулі? Ці гэта проста меркаваньне, якое трансьлюецца?

Правільны адказ на гэтыя пытаньні, безумоўна, не вядомы, але ясна адно: пакуль беларусы, то бок мы з вамі, ня будуць адчуваць сябе нацыяй, у нас нічога ня зьменіцца і аніякай фактычнай еднасьці не адбудзецца.

Калі зьвярнуцца да тэарэтычных дэфініцыяў тэрміну «нацыя», то можна, перш за ўсё, вылучыць некалькі прыкметаў, якія істотна адрозьніваюць народ ад нацыі.

Па-першае, гэта самасьвядомасьць, мова, этналёгія. Ці ёсьць гэта ўсё ў нас, у беларусаў – вырашайце самыя.

Па-другое, гэта палітычнае адзінства. Пра гэта ў Беларусі гаварыць не прынята, але адказ відавочны.

Каб дадаць большага драматызму, вакол маёй нататкі, хачу зазначыць, што 3 ліпеня, Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, зьяўляецца дзяржаўным сьвятам, а 4 ліпеня, Дзень Незалежнасьці ЗША, – нацыянальным сьвятам.

Можа і няма розьніцы ў назьве, калі сутнасьць адна і тая ж, але ў амэрыканцаў, нягледзячы на іх палітычную еднасьць, ня можа быць амэрыканскага народу, з-за гістрычных перадумоваў. Тады, атрымліваецца, што амэрыканцы стварылі нацыю без народу.

Дык чаму мы, беларусы, з народу, ня можам перарасьці ў нацыю?

Система Orphus