16.10.2014

«Асамблея НДА» ў межах кампаніі «Зробім лепш» запускае чарговы этап акцыі «Сімвал, які яднае краіну» і абвяшчае конкурс выяваў «Пагоні». Адзін з дызайнаў будзе выкарыстаны для вырабу харугвы (палотнішча), якая будзе растыражаваная і распаўсюджвацца бясплатна.

У жніўні-верасні падчас галасавання ў інтэрнэце больш за 62% выказаліся ў падтрымку «Пагоні» як галоўнага сімвала, які яднае беларусаў. Цяпер арганізатары прапануюць вызначыць: які са шматлікіх варыянтаў «Пагоні» варта змясціць на харугве?

Кожны ахвотны можа распрацаваць свой макет. Усе выявы будуць апублікаваныя, а найлепшы макет будзе надрукаваны ў выглядзе харугваў.

Арганізатары акцыі «Сімвал, які яднае краіну» свядома адмовіліся ад выкарыстання на харугве дзяржаўнага герба Беларусі 1991-1995 гг., бо прапануюць дызайнерам  прыдумаць не новы герб краіны, а па-мастацку паглядзець на галоўны беларускі сімвал ды распрацаваць адмысловы варыянт «Пагоні», які будзе надрукаваны ў выглядзе харугваў.

pahonia

Галоўныя патрабаванні да працаў

эмацыйныя:

гэтая «Пагоня» павінна быць стылёвай, рашучай, натхняльнай і эмацыйнай, каб абуджала і накіроўвала беларусаў да рашучых і годных спраў;

зместавыя:

тканіна для харугвы будзе прамавугольнай формы з суадносінай бакоў 1:2 белага ці чырвонага колеру, таму ў працах адпаведна павінны быць асноўнымі гэтыя колеры;

тэхнічныя:

— усе працы дасылаюцца ў двух варыянтах: *.jpg і арыгінальным вектарным альбо растравым фармаце;
— вектарная графіка: прымаюцца файлы, звярстаныя ў фарматах Corel Draw (*.cdr), Adobe Illustrator (*.ai), альбо EPS;
— растравая графіка: прымаюцца файлы звярстаныя ў фарматах (*.tif), Adobe Photoschop (*.psd).

Вашыя працы з кантактнымі дадзенымі (імя і прозвішча, тэлефон, сацыяльныя сеткі) дасылайце да канца кастрычніка на адрас: artsiadziba@gmail.com.

symbal-pahonia

Пераможцу, які атрымае адзін мільён беларускіх рублёў, вызначаць арганізатары акцыі з улікам меркаванняў, якія чакаем ад вас ды будуць з’яўляцца ў СМІ і сацыяльных сетках.

Пазней харугвы з дызайнам пераможцы можна будзе атрымаць у грамадскіх цэнтрах беларускіх гарадоў ці бясплатна замовіць поштай праз сайт symbal.by.

Харугву з «Пагоняй» кожны жадаючы зможа размясціць у любым месцы: дома, на балконе, у кватэры, узяць на фестываль ці іншую імпрэзу або сфатаграфавацца з ёю ў знакавым месцы ды размясціць фотаздымак у сацыяльных сетках, на персанальных сайтах ці ў блогах з хэштэгам #symbalby.

Система Orphus