08.12.2014

Каля 12 тысяч стужачак з нацыянальным арнаментам раздавалі па ўсёй сталіцы 6 снежня. Каля 100 валанцёраў у двух дзясятках пунктаў сталіцы раздалі да пяці кіламетраў стужкі з беларускім арнаментам. Сярод валанцёраў была і журналістка «Арт Сядзібы» Марына Яўсейчык.

За ўвесь час, што раздавала беларускія стужкі ў гандлёвым цэнтры «Квадро», не знайшлося  такога чалавека, які б адмовіўся ад чырвонай стужкі з беларускім арнаментам, альбо неяк негатыўна выказаўся наконт акцыі. Хоць раздачу стужак успрынялі па-рознаму: першапачатковае разгубленае маўчанне змянялася ў  людзей на ўсмешку і словы падзякі на беларускай і рускай мовах, а хтосьці адразу прасіў некалькі стужак, каб хапіла на ўсю сям’ю.

— А што такое стужка? – пытаецца ў мяне жанчына, якая толькі выйшла з крамы «Еўраопт».

— Па-руску гэта «ленточка» .

Мая суразмоўца пачынае шырока ўсміхацца. Узгадала, што ў школе вучыла беларускую мову і пазнала беларускі арнамент. Сказаўшы  «спасибо», паклала стужку ў кішэню.

Спытаеце ў мяне, ці не боязна было раздаваць тыя стужкі, не ведаючы загаддзя рэакцыі людзей? Ніводнай хвіліны!  З людзьмі трэба размаўляць, сустракаючы іх прывітаннем і ўсмешкай. Проста даць у рукі стужку — гэтага мала. Трэба ж дачакацца ад чалавека пэўнай рэакцыі на акцыю, пачуць яго меркаванне, каб ведаць, што раздача стужак — не марная справа і будзе вынік — стужку пакінуць сабе, не выкінуць у сметніцу. Людзі з ахвотай ішлі на камунікацыю, шчыра здзіўляліся такому святу беларускай стужкі.

Праўда, быў адзін маўчун з аховы «Еўраопта».  Расказала хлопцу, з якой нагоды раздаю стужкі, запрасіла на «Дзень вышыванкі», які адбудзецца 13 снежня, аднак ахоўнік, узяўшы стужку, паўсміхаўся толькі. Пахадзіў з ёй трохі, а пасля аддаў  малому, каб не плакаў.

Натуральна, што людзі былі не падрыхтаваны да акцыі «Беларуская стужка», як і звычайна, ішлі ў гандлёвы цэнтр за пакупкамі, таму спачатку асаблівай ўвагі на мяне ніхто не звяртаў. Некаторыя не разумелі, як можна выкарыстаць тую стужку. Тады расказвала, што можна завязаць на сумцы, альбо дзіцёнку на заплечнік, а дома зрабіць банцік на ручцы пакаёвых дзьвярэй, ці падвязаць хвіранкі, як зрабіла гэта я.

Прыклад гэтаму — прадавачкі з розных крамаў, якія збегліся да мяне за стужкамі. Вітаюцца, дзячаць на роднай мове. Распытваюць, з якой нагоды раздаю іх. Кажу, што свята беларускай стужкі. На стужках — беларускі арнамент. Жанчыны разглядваюць стужкі, гладзяць  іх і на далоні, пасля сціскаюць іх  у кулачок і шырока усміхаюцца, быццам бы стужка тая грэе іх далоньку. Сыходзяць з настроем. А ў мяне адчуванне задавальнення ад зробленай працы. І трошачкі шкадавання, што стужкі хутка скончацца.

Уяўляеце, падляцелі да мяне малыя хлопчыкі, кажуць: «А давайце мы таксама будзем раздаваць!», і цягнуць рукі да беларускіх стужачак. Здзівілася, што са мной на роднай мове размаўляюць. Аказваецца, некаторыя з хлопчыкаў у беларускамоўны клас ходзяць, а ў кагосьці старэйшыя браты-сёстры дома  размаўляюць па-беларуску.

2

Самым прыемным момантам для мяне было завязваць беларускія стужкі  на дзіцячыя каляскі. Маладыя таты прасілі дапамагчы ім, бо іх рукі былі занятыя пакупкамі.

Вельмі парадваў супрацоўнік крамы «Еўраопт», якія збіраў вазкі да кучы. Ён з гонарам прывязаў стужку да кішэні сваёй формы, на самым відным месцы, каля бэйджыка.

Калі ўжо раздала палову стужак, людзі самі пачалі падыходзіць да мяне, пытаць, ці можна ім атрымаць стужку, расказваючы, што ўжо бачылі такія стужкі ў іншых.

Многія тэлефанавалі, пыталіся, ці змогуць атрымаць стужку. Прыходзілі, забіралі, шчыра дзякавалі. Тэлефанавалі нават і на наступны дзень пасля завяршэння акцыі. А стужак ужо не было. Бедавалі. Пыталіся, калі зноў будзем раздаваць.

Ёсць унікальныя людзі, скажу я вам! З адным такім чалавекам сустрэлася на паркоўцы ГЦ «Квадро» каля шасці вечара, хоць стужкі скончыліся яшчэ ўдзень. Дзеля маладзечанца, які прыехаў у Мінск да сваякоў, і якому не хапіла стужак, я паразвязвала свае:  з хвіранак і  сумак.

Мой новы знаёмы, спадар Алесь, сказаў мне, што ініцыятарам ідэі трэба помнік паставіць пры жыцці і дадаў:

«Перадайце арганізатарам акцыі, што яны робяць вялікую справу. Вы, напэўна, і самі не ўяўляеце, што вы робіце ў абарону сваёй беларушчыны! Хто тут гаспадар? Караладскі жук ці беларускі арнамент? Трэба ўсім паказаць, што гаспадар у краіне — беларускі арнамент».

Акцыя #беларускаястужка вельмі закранула спадара Алеся, які збіраецца і сам далучыцца да яе, ахвяраваўшы грошы на стужку. Ён вельмі хоча, каб беларуская стужка з’ездзіла ў іншыя гарады, Мінск на яго думку — гэта толькі пачатак.

lu1t__XULIAНекаторыя людзі даволі скептычна аднесліся да акцыі «Беларуская стужка», выказваючы свае думкі ў каментарах у сацыяльных сетках. Маўляў, што тая стужка, хіба яна штосьці зменіць? Думаю, што пэўныя перамены ў мысленні людзей, якім у рукі патрапіла стужка з арнаментам, адбыліся. Яны хоць бы на хвіліну ўзгадалі пра беларускую мову і культуру. Стужка зрабіла неверагоднае: яна аб’яднала незнаёмых людзей, абсалютна розных па ўзросту і сацыяльным статусе. Я ні раз адчула прыязнасць да незнаёмага чалавека, які глядзеў мне ў вочы нібы на свайго сябра, калі браў з маіх рук беларускую стужку.

У беларусаў увесь час штосьці забіраюць, забіраюць сваё, нацыянальнае. А тут раптам далі. Проста ў рукі. Не папрасіўшы за гэта нічога ўзамен. Вышымайкі і торбачкі з беларускімі сімваламі трэба купляць, а стужкі раздавалі безкаштоўна. І няхай гэта толькі кароценькая, саракасанціметровая стужка з беларускім арнаментам. Аднак менавіта яна і можа стаць подступам для некаторых зменаў у мысленні  людзей. І нават калі стужку ўспрымуць як звычайную «халяву», якую грэх не ўзяць і возьмуць, наўрад ці ўжо выпусцяць са сваіх рук, не падумаўшы трохі над некаторымі пытаннямі ды не ўспомніўшы пра беларускае, нацыянальнае.

На маю думку, мэта беларускай стужкі — нагадаць людзям пра Беларусь нацыянальную, якая істотна адрозніваецца  ад Беларусі, у якой заклікаюць купляць беларускае. А нагадаўшы, людзей можна  і аб’яднаць.

Акцыя #беларускаястужка скончылася. Аднак ў яе будзе працяг незалежна ад таго, ці атрымаецца зладзіць наступную такую акцыю. Бо ўжо раздадзеныя ў Мінску стужкі  зрабілі сваю добрую справу. Дзякуючы ім, людзі пачалі адгукацца на сваё нацыянальнае, дзяліцца сваімі думкамі на роднай мове, дзякаваць за стужачку па-беларуску, параўноўваць яе са слуцкім поясам. Адбыўся калектыўны «мазгавы штурм», які прымусіў узгадаць некаторыя важныя рэчы. Дзякуй табе за гэта, беларуская стужка!

w0mGLZCsirs (1)drfeeee

Стужка, якую вырабіла магілёўская фабрыка «Лента» для акцыі «Пазнач сябе беларусам», выглядае так:

stuzka

Ахвяраваць сродкі на працяг кампаніі і распаўсюд стужкі ў Мінску і рэгіёнах можна чатырма спосабамі:

1.

— зрабіць унёсак наяўнымі грошамі ў «Арт Сядзібе», якая знаходзіцца тут: Мінск, пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430 (ст. м. «Плошча Якуба Коласа», 4 паверх Маскоўска-Венскага ГЦ). Пляцоўка адчыненая з панядзелку да суботы з 10.00 да 20.00. Кантактны нумар: +375 29 782-88-81, e-mail: artsiadziba@gmail.com.

2.

— пералічыць сродкі ў аддзяленні любога банка Беларусі на рахунак нашай арганізацыі.

Вось бланк і рэквізіты:

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Амарока»,
УНП 191688610, р/р 3015131680014,
ЗАТ «МТБанк», код 153001117.
Прызначэнне плацяжу: добраахвотны ўнёсак на развіццё беларускай культуры.

3.

— ахвяраваць любую суму праз сістэму мабільных плацяжоў «iPay» з нумароў аператараў МТС і life:) на рахунак інфармацыйна-асветніцкай установы «Амарока».

ipaymts ipaylife

Дашліце  з нумароў аператараў МТС і life:) на нумар 553 SMS-паведамленне (не тарыфікуецца) віду:

556  <Уласны нумар мабільнага тэлефона>  <Сума ўнёску>

Увага! Уводзьце свой нумар мабільнага тэлефона з занальным кодам (9 лічбаў без прабелаў). Прыклад: 297654321.

Прыклад SMS-паведамлення: 556 297654321 1000000

4.

— ахвяраваць любую суму праз плацёжную сістэму «PayPal».

Па ўсіх пытаннях пішыце на e-mail: artsiadziba@gmail.com ці тэлефануйце па нумару: +375 29 782-88-81.

Стужка з арнаментам ― выдатны спосаб пазначыць сябе беларусам. Яе можна прымацаваць да вопраткі, торбы, машыны ды іншага, каб адзначыць сваю нацыянальную пазіцыю, каб беларус бачыў беларуса і ганарыўся сваёй нацыянальнасцю і Радзімай!

Сачыць за развіццём кампаніі і дадаваць тэматычную інфармацыю можна праз хэштэг #беларускаястужка ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках, а таксама праз падзеі:

УКантакце, Facebook

 

Далучайся да кампаніі! Пазнач сябе беларусам!

belaruskaja-stuzka

Система Orphus