29.10.2015

26 кастрычніка паэтычны конкурс «Рухавік» чарговы раз сабраў прыхільнікаў сучаснай паэзіі ў паб-клубе «Графіці» паслухаць маладых паэтаў і абраць лепшых.

Трэці адборачны тур, як і мінулыя, уключаў 10 выступоўцаў, якія за 5 хвілін павінны паспець уразіць сваёй творчасцю публіку і тым самым пратаптаць сабе сцежку ў паўфінал. Менавіта слухачы з’яўляюцца асноўным журы і абіраюць трох паўфіналістаў, чацвертага абіраюць спецыяльна запрошаныя госці, якімі у мінулыя разы былі Віктар Лупасін — паэт-эпатажыст, перакладчык, лідар гурта «Зеленахвостыя» і Віктар Жыбуль —  паэт і літаратуразнаўца, кандыдат філалагічных навук. У гэты раз падтрымаць удзельнікаў, а таксама пачытаць свае вершы прыйшоў аўтар кнігі «Байсан» і лідар рок-гурта TerraKod — Алесь Плотка.

Варта заўважыць, што важнымі крытэрыямі праходу далей з’яўляюцца не толькі прыгажосць паэтычных выразаў ды цікавасць рыфмы, але і сама падача. Хаця, як верна заўважыла паэтка Кацярына Массэ, «усё самае галоўнае, што паэт мог зрабіць, ён ужо зрабіў падчас напісання верша». Напэўна таму ўдзельнікі не ператваралі свае выступы ў шоу, а імкнуліся данесці сэнс тэкстаў менавіта праз словы. Гэта, дарэчы, атрымлівалася ў іх вельмі добра, а галоўнае, не перавышаючы ліміт у 5 хвілін.

1

аўтар фота

Антураж паб-клубу і цёплая публіка стваралі насамрэч паэтычную атмасферу. З упэўненасцю магу сказаць, што «Рухавік» — месца, дзе падтрымаюць кожнага творцу незалежна ад узросту, полу ці вопыту. Прайсці ў паўфінал цалкам магчыма нават не прыводзячы на конкурс сяброў. А гэта сапраўды таго каштуе, бо галоўны прыз — арганізацыя сольнага паэтычнага выступу і грашовая ўзнагарода. Да таго ж, конкурс наведваюць іншыя госці, праз якіх маладыя паэты могуць данесці свае творы свету. Напрыклад, у гэты раз у пошуках новых талентаў конкурс наведаў Рагнед Малахоўскі — прадстаўнік выдавецтва «Харвест»; а ў фінале будзе прысутнічаць рэдактар часопісу ALOVAK, які абярэ свайго пераможцу, верш якога будзе апублікаваны ў студзеньскім нумары часопіса і праілюстраваны вядомым мастаком.

Наступны тур пройдзе 16 лістапада ў паб-клубе «Графіці».

Пераможцы трэцяй імпрэзы паэтычнага конкурсу «Рухавік»:
— Кацярына Массэ (https://vk.com/htpoetry)
— Мікіта Найдзёнаў (https://vk.com/hurmagurt)
— Иван Булва (https://vk.com/club105535023)
— Даня Маркевіч (http://www.stihi.ru/avtor/danikaya) – выбар журы Алеся Плоткi.

3kXM5qVmD2E

Рэпартаж тэлеканала «Белсат»

Система Orphus