17.11.2015

У Міжнародны дзень студэнтаў, 17 лістапада, у Беларусі абвешчаны набор на першую незалежную грамадскую стыпендыю  для студэнтаў вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў Беларусі. Стыпендыя названая ў гонар выбітнага беларускага грамадска-палітычнага дзеяча, асветніка і навукоўца Аркадзя Смоліча.

Стыпендыю імя Аркадзя Смоліча можа атрымаць любы студэнт беларускіх вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установаў за выбітную грамадскую, культурную і сацыяльную дзейнасць у галіне развіцця грамадзянскай супольнасці Рэспублікі Беларусь. Памер стыпендыі 1 000 000 беларускіх рублёў на месяц. Стыпендыя выдаецца тэрмінам на 1 год і агульны пачатковы стыпендыяльны фонд складае 12 000 000 рублёў.

Падаць заяўку на стыпендыю можна да 17 снежня бягучага году, запоўніўшы форму ў інтэрнэце.

tk5EZJwPHMM

Стыпендыя заснаваная шэрагам некамерцыйных і камерцыйных арганізацыяў, а таксама  высілкамі асобных грамадзянаў. Сярод арганізацыяў у стыпендыяльны фонд ахвяравалі: Міжнароднае грамадскае аб’яднанне ЗБС «Бацькаўшчына», грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!» (Беларусь), Цэнтр развіцця студэнцкіх ініцыятываў (Беларусь), культурніцкая пляцоўка «Арт Сядзіба» (Беларусь), Братэрства Арганізатараў Студэнцкага Самакіравання (Беларусь), праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне Рух «За Свабоду», моладзевая асацыяцыя «StudAlliance» (Літва), Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту (Літва).

Свой асабісты ўнёсак у стыпендыю зрабілі: Кірыл Атаманчык, Максім Марыніч, Ігар Назаранка, Яўген Міхасюк.

Таксама, сярод фундатараў стыпендыі ёсць кампаніі «Vilnius Relax» (Літва) і «UFOX Media» (Беларусь).

Стварэнне стыпендыі імя Аркадзя Смоліча ставіць перад сабой шэраг задачаў, сярод якіх заахвоціць да актыўнай грамадскай, культурніцкай і сацыяльнай дзейнасці беларускае студэнцтва дэманструючы салідарнасць і фінансавую падтрымку іх пачынанням, а таксама стымуляваць унутраны фандрайзінг для падтрымкі грамадска значных ініцыятываў сярод грамадзянскай супольнасці, бізнэсу і шэраговых грамадзянаў Беларусі.

Студэнты – гэта будучыня Беларусі, і вельмі важна заахвочваць іх развіццё, падтрымліваць іх у імкненні да грамадскай, культурніцкай ці сацыяльнай дзейнасці. Ужо зараз усе жадаючыя могуць  спрычыніцца да сбору сродкаў на стыпендыю запоўніўшы кароткую форму.

Система Orphus