18.02.2016

Вопытны вандроўнік Аляксандр Гойшык пры падтрымцы «Арт Сядзібы» распачынае паедзку па таямнічай Азіі, каб раскрыць яе сакрэты і падзяліцца імі з беларусамі. Больш за 10 краін: пустыні, стэпы, горы, джунглі… Як беларускі хлопец справіцца з хітраспляценнямі суворай Азіі? Сачыце за падарожжам Аляксандра праз наш сайт і сацыяльныя сеткі.

У Беларусі зіма, у разгары чарговы крызіс, у грамадстве не самыя аптымістычныя, мякка кажучы, настроі.

Таму я вырашыў пайсці насустрач лету і сонейку і паехаць у падарожжа.

Даўно вядома, што вандроўка, асабліва вольная вандроўка, — гэта найлепшы сродак падзарадзіць свае жыццёвыя батарэйкі, даведацца пра нешта новае, пазнаёміцца з вялікай колькасцю цікавых людзей з розных куткоў свету, паглядзець, як яны жывуць, распавесці, як мы жывем у Беларусі, і, як вынік, яшчэ больш палюбіць жыццё.

Я — Аляксандр Гойшык, вольны падарожнік і журналіст. За дванаццаць гадоў вандровак я пабываў у сарака краінах свету. Спадзяюся, што ў бліжэйшыя гады гэтая лічба значна павялічыцца. Апошняя краіна, якую я адкрыў для сябе,  — гэта неверагодны Кітай. Мінулая вандроўка доўжылася 85 дзён, а калі столькі падарожнічаеш, то пачуццё дому і Радзімы звужаецца да твайго заплечніку і фэйсбуку ў тэлефоне. Таму і вяртацца ў нармальнае жыццё пасля вандроўкі складана, увесь час марыш пра новыя прыгоды. І вось, нарэшце, усе фармальнасці вырашаны, неабходныя візы атрыманы, заплечнік спакаваны. І зноўку мяне чакае Азія!

DSC_1186

Чаму Азія?

Яшчэ падчас студэнцтва я шмат павандраваў па Еўропе і даволі хутка зразумеў сэнс слова «глабалізацыя». За выключэннем маіх любімых Балканаў, дзе ўсё яшчэ адчуваецца пэўная аўтэнтычнасць, астатнія краіны Еўропы даволі падобныя адна на адну (хаця, ёсць яшчэ невялікае выключэнне — чароўная Ісландыя, але тут можна спрачацца, ці можна яе аднесці да Еўропы).

DSC_0230

Безумоўна, напісанае вышэй — гэта маё суб’ектыўнае меркаванне, з якім большасць можа не пагадзіцца, але, як кажуць, «на колер і густ усе верблюды розныя». Так сталася, што ўжо шмат гадоў кірункам маіх падарожжаў з’яўляецца Азія, куды ўсё яшчэ не дабралася цывілізацыя, дзе людзі бяднейшыя, але значна больш адкрытыя і гасцінныя, дзе ўсё яшчэ можна адчуць атмасферу сапраўднага жыцця.

Маршрут падарожжа

Вось так выглядае прыблізны маршрут майго новага падарожжа. Праз Турцыю, Каўказ, Іран, Пакістан, Індыю, Шры-Ланку, Непал і Бангладэш у Мьянму (яна ж Бірма). Чаму Бірма? Таму што некалькі дзесяцігоддзяў гэта была закрытая краіна, якой правілі вайсковыя. Нядаўна там адбыліся першыя свабодныя выбары, у выніку якіх да ўлады прыйшла дэмакратычная апазіцыя, і цяпер ёсць шанец, што Мьянма адкрыецца свету і там адбудуцца пазітыўныя змены. Вось гэта я і хачу праверыць. Па дарозе туды мяне чакае шмат цікавага, у тым ліку тры непрызнаных краіны: Прыднестроўе, Абхазія і Нагорны Карабах, яшчэ стэпы Малдовы, пустыні Ірану, горы Непалу і джунглі Шры-Ланкі. Усе свае прыгоды я буду апісваць у гэтым блогу, падпісвайцеся, уносьце ў закладкі і не пераключайцеся!

У наступнай серыі я апішу падрыхтоўку да падарожжа і пакаванне заплечніка. Сачыце за абнаўленнямі на сайце «Арт сядзібы»!

Разам з «Арт Сядзібай» у Азію!

Система Orphus