Арт Сядзіба > НАВІНЫ > Фэст «Каго любіш? Люблю Беларусь!» не дазволілі, бо «произошла утечка этиленгликоля»
kalinouski-2
24.02.2016

16 лютага «Арт Сядзіба» падпісала з Палацам спорту дамову на арэнду пляцоўкі для правядзення 25 сакавіка музычнага фестывалю «Каго любіш? Люблю Беларусь!».

У гэты ж дзень ў Мінскі гарвыканкам былі пададзеныя дакументы на атрыманне гастрольнага пасведчання на права правядзення гэтага культурнага мерапрыемства.

Праз тыдзень, у дзень адказу на заяўку згодна з заканадаўствам, «Арт Сядзіба» спачатку атрымала ліст ад кіраўніцтва КС РУП «Палац спорту» з інфармацыяй, што

«21 лютага 2016 г. падчас правядзення Адкрытага чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па самба адбылася ўцечка этыленгліколю на лядовай арэне Палаца спорту, якая прывяла да парушэння працы сістэмы холадазабеспячэння. Рамонтна-аднаўленчыя работы будуць праводзіцца з 21 да 30 сакавіка 2016 г. Па гэтай прычыне правядзенне 25 сакавіка 2016 г. канцэртнага мерапрыемствы не ўяўляецца магчымым».

Праз некалькі гадзінаў мы атрымалі адмову і ад Мінгарвыканкаму, які не выдаў дазвол на канцэрт «Каго любіш? Люблю Беларусь!» з-за таго, што 25 сакавіка ў Палацы спорту будуць адбывацца рамонтна-аднаўленчыя работы сістэмы холадазабеспячэння.

kalinouski

«Арт Сядзіба» публікуем арыгіналы дакументаў, якія атрымала нашая арганізацыя.


Каментуе адказ і падрабязнасці справы кіраўнік «Арт Сядзібы» Павел Белавус:

«Шчыра, калі мы планавалі мерапрыемства і падавалі заяўку, то прыкладна ацэньвалі наш шанец на атрыманне пазітыўнага адказу — 50 на 50, то бок зусім не прадказальна. Але атрымалася ўсё прадказальна.

У канцэрце пагадзіліся прымаць удзел усе лепшыя гурты краіны: Trubetskoy, Akute, Лявон Вольскі, Vinsent, Крамбамбуля, Крама, Dzieciuki, Vuraj са Спеўным сходам, Amaroka, Амплітуда смеласці, Мутнаевока, Нейра Дзюбель, :B:N:, Разбітае сэрца пацана.

Калі мы першы раз прыйшлі да дырэктара Палацу спорту Сяргея Прановіча, то і дамову, каб падаць на “гастрольку” за дзень падпісалі, бо дата 25 сакавіка ў графіку была вольная. Таму і прычыну з “утечкой этиленгликоля” я, упэўнены, яму давялося не самому прыдумляць. Бо толькі арэнда пляцоўкі каштуе каля 10 тысяч даляраў, а якое прадпрыемства не зацікаўленае ў атрыманні грошай, тым больш у такі складаны час.

У заяўцы ў Мінгарвыканкам мы таксама не хавалі нашых шчырых мэтаў мерапрыемства, што фестываль будзе прысвечаны 98 гадавіне абвяшчэння БНР, якое адбылося 25 сакавіка 1918 года ў Мінску, і пройдзе ў рамках рэспубліканскага Года культуры, якім у Рэспублікі Беларусь аб’яўлены 2016 год.

У праграме на пачатку мы пазначылі выступы прадстаўнікоў Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь з урачыстымі прамовамі. А мэтамі ўсяго мерапрыемства пазначылі патрыятычнае выхаванне моладзі, папулярызацыю сучаснай беларускай культуры, беларускай мовы і важных гістарычных падзей беларускай дзяржаўнасці.

Да таго ж мы накіравалі інфармацыйныя лісты старшыні Мінгарвыканкаму, кіраўніку Цэнтральнага раёну Мінска, кіраўніцтву Міністэрства культуры, міліцыі, КДБ, у Адміністрацыю прэзідэнта, што мерапрыемства мае культурна-патрыятычны характар, і мы гатовыя яго правесці строга ў рамках заканадаўства. Вось зараз чакаем з усіх гэтых устаноў адказы.

Мы не губляем надзею, што там зразумеюць важнасць гэтага мерапрыемтсва і змогуць разабрацца з тымі, хто загадаў прызначыць на 25 сакавіка рамонт у Палацы спорту “утечки этиленгликоля”. А для гэтага трэба стварыць грамадскі рэзананс.

Я не разумею, чаму чыноўнікі не могуць уцяміць, што забарона такіх фестываляў як “Каго любіш? Люблю Беларусь!” ці канцэртаў беларускіх гуртоў — гэта не толькі іміджавыя, але і фінансавыя страты для краіны.

Просты падлік: на канцэрты па-за межамі Беларусі беларускіх гуртоў і выканаўцаў: Крамбамбулі, Brutto, Змітра Вайцюшкевіча і Лявона Вольскага збіраецца да 5 тысяч і больш беларусаў. На адну такую паездку (квіткі, дарога, харчаванне, гатэль, падарункі, закупы) адзін чалавек выдаткоўвае каля 200 даляраў. Пяць тысяч чалавек вывозіць за адзін такі фестываль з Беларусі ў Літву, Варшаву ці Беласток 1 000 000 даляраў. А такіх канцэртаў, з-за забаронаў у Беларусі, адбываецца 5-10 у год.

Назавіце мне яшчэ хоць адзін сусветны прыклад: каб 5 тысяч чалавек з адной краіны ехалі на выходныя ў іншую суседнюю краіну, каб паслухаць песні гуртоў са сваёй краіны на роднай мове?

Далей лічыце самыя і рабіце высновы, хто займаецца ў Беларусі антыдзяржаўнай дзейнасцю. Хто прымае рашэнні, з-за якіх айчынныя пляцоўкі і дзяржбюджэт недаатрымліваюць прыбытак?»

Да гэтага часу Мінгарвыканкам не даў дазволу і на канцэрт гурта «Brutto», вось што паведамілі мэнэджару «Арт Сядзібы» Алесю Снегу, які забіраў нашую адмову:

«Сёння я быў у Гарвыканкаме. Запытаў пра лёс канцэрту “Brutto”, у “Адным вакне” сказалі, што ў іх будзе прыкладна такі ж адказ, але з самым адказам кіраўніцтва нешта зацягвае».

Система Orphus

каментары:

    Step / Reply
    25.02.2016 / 10:24

    Хлусьня – гэта ікона для жулікаў, таму й моляцца на яе, не чырванеючы. Варта захаваць гэтыя дакумэнты для гісторыі, бо там і факты, і канкрэтныя прозьвішчы. На іх мы будзем вучыць нашых дзяцей адваротнаму – традыцыйнай беларускай шчырасьці. Хлусяць толькі хцівыя чужынцы, што жывуць не на сваёй зямлі.

    Алесь / Reply
    26.02.2016 / 00:27

    Трэба ж мель план Б!
    Мінгарвыканкам адмовіў, што палац спорту не прыдатны – а вы ім адамову з палацам культуры, прафсаюзаў, ветэранаў. На худы канец – пляцоўка под адкрытым небам.
    Так на пачатку 2000х адмаўлялі секце святога Муна, дык яны мелі новыя дакументы, што мінгарвыканкам не паспеў прычыну адмовы новую прыдумаць

      Step / Reply
      27.02.2016 / 10:07

      Плян Б? Дык навошта чакаць? Сёньня, 27 лютага, у клюбе “Re:Public” а пятай гадзіне пачынаецца канцэрт найлепшых беларускіх гуртоў (“:Б:Н:”, “Neuro Dubel”, “Дай Дарогу”, “Dzieciuki”). Выніковая прэмія “Эўрарадыё”. Чакаецца масса вострых адчуваньняў і новыя кнігі, песьні, дыскі. Фірменныя, якасныя, якіх у ГУМе ня купіш.

Дадаць каментар

 

Ваш e-mail не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *

CAPTCHA image