07.04.2016

«Вольнае Паветра» вяртаецца: фестываль новага этна пройдзе 16 ліпеня на хутары «Шаблі».

Пасля перапынку ў год хутар «Шаблі» запрашае ўсіх прыхільнікаў этнічнай музыкі на восьмы міжнародны фестываль «Вольнае Паветра».

16 ліпеня пад адкрытым небам выступяць сапраўдныя носьбіты фальклору і гурты, якія праз сваю музыку даносяць традыцыі ў сучасным гучанні.

Апошні год вядомы хутар жыў ціха: паўзу з фестывалямі ўзялі, каб адбудаваць дом, які згарэў у 2013 годзе. Аднак, даліна рэчкі Буянкі ўжо засумавала па энергетыцы і стаптанай траве сотнямі пар ног. Селёта хутар гатовы сустракаць гасцей.

Як распавёў гаспадар хутара Уладзімір Шаблінскі, мясцовыя ўлады далі згоду на правядзенне фестываля, усе неабходныя дакументы атрыманыя. Зараз каманда «Вольнага Паветра» вырашае арганізацыйныя і тэхнічныя нюансы будучай імпрэзы, а таксама дапрацоўвае музычную праграму.

– Цягам году ў нас неаднарозова пыталіся: «Ці будзе фестываль улетку на хутары?»Вольнае Паветра — гэта стыль жыцця, яно заўжды з намі. Надыйшоў час усім разам падыхаць ім 16 ліпеня. Селёта мы рыхтуем шэраг цікавостак для гасцей, пра якія будзем паступова падрабязна распавядаць. Аднак галоўны пасыл фестываля – арыентаванасць на беларускую культуру – застаецца, – распавядае Уладзімір Шаблінскі.

10649473_1146280348739238_7505636434332271928_n

Выдатная магчымасць далучыцца да арганізацыі фестываля і пабачыць музычную «кухню» будзе і ў валанцёраў. Бліжэйшым часам арганізатары паведамяць пра набор актыўных і адказных аматараў музыкі і адпачынку на “Вольным Паветры” ў каманду валанцёраў.

Падчас «Вольнага Паветра» на тэрыторыі хутара «Шаблі» пройдзе традыцыйны адкрыты турнір па кіданні кізякоў. Самыя смелыя змогуць пракаціцца з ветрам у вушах на тралеі.

Арганізатары фестываля адкрытыя для прапановаў па актыўнасцях для дзяцей і дарослых.

Квіткі на восьмае «Вольнае Паветра» з’явяцца ў продажы не пазней за 5 красавіка.

Першыя 100 квіткоў па прома-кошце 110 000 можна будзе набыць толькі ў «Тэатральнай касе» (вуліца Калініна, 5). Кожны месяц да мерапрыемства кошты будуць павялічвацца.

Набыць квіткі ў Мінску можна ў «Тэатральнай касе» на вуліцы Калініна, 5, а таксама ў любой канцэртнай касе горада.

Жыхары іншых гарадоў Беларусі могуць замовіць квіткі праз сайты ticketpro.by і kvitki.by.

Тэлефон інфалініі: +375 17 395 05 65; +375 33 6555596

Самыя апошнія навіны пра падрыхтоўку да фестываля будуць публікавацца на сайце shabli.by і ў сацыяльных сетках.

Система Orphus