23.11.2016

Каляндар на 2017-ты з працамі мастачкі Ніны Сакаловай-Кубай «Год з выцінанкай» выдадзены з мэтаю папулярызацыі выцінанкі — традыцыйнага віду мастацтва Беларусі.

Выданне складаецца з 12 тэматычных выцінанак, адмыслова створаных на кожны месяц, дапоўненых каляндарнай сеткай і народнымі беларускімі прымаўкамі ды прыказкамі.

«Арт Сядзіба» бліжэй знаёміць з мастацтвам выцінанкі і прэзентуе працы, якія ўвайшлі ў каляндар «Год з выцінанкай», які ўжо можна набыць на symbal.by.

Традыцыйна, галоўнымі вобразамі беларускіх выцінанак з’яўляюцца птушкі, таму не выпадкова што ў аснове большасці сюжэтаў і на вокладцы нашага календара знаходзяцца птушкі. Яшчэ адна прычына — чырвоны вогненны певень, згодна з усходнім гараскопам, якога так любяць прытрымлівацца і беларусы, з’яўляецца сімвалам 2017 году.

На фотаздымку аўтары календара: мастачка Ніна Сакалова-Кубай, стваральніца ўласнага непаўторнага стылю ў мастацтве выцінанкі, і дызайнерка Тамара Мельянец.

symbal-by_autarki-kaliendara-1400

Выцінанка — від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, ажурны ўзор, выразаны з паперы, які атрымаў распаўсюд у Беларусі, Польшчы і Украіне.

У Беларусь выцінанка прыйшла ў XIX стагоддзі, найбольш папулярныя былі аднаколерныя выцінанкі, часам іх рабілі з некалькіх пластоў паперы рознага колеру. Узоры былі геаметрычныя, раслінныя, радзей — зааморфныя або антрапаморфныя.

З адметнасцяў беларускай выцінанкі выдзяляюць прынцып шматразовага складвання, сіметрычнасць узору, дэкаратыўнасць. Яны выкарыстоўваліся для афармлення жытла і аздаблення інтэр’еру да святаў. На захадзе Беларусі чорнымі або паліхромнымі выцінанкамі аздаблялі пабеленыя сцены ў хатах.

Найбольшы росквіт выцінанкі прыпадае на канец XIX — пачатак XX стагоддзя: гэтае мастацтва прыйшло ў кожны дом у выглядзе няхітрых і танных папяровых сурвэтак, насценных пано і фіранак з ажурнымі ўзорамі.

З пачатку 1990-х гадоў выцінанка перажывае бурнае развіццё. У гэты час сфармавалася айчынная школа выцінанкі, якая па свайму стылю прыкметна адрозніваецца ад школ суседніх народаў — літоўцаў, палякаў і ўкраінцаў.

Зараз з выкарыстаннем выцінанак у Беларусі ствараюцца разнастайныя сувеніры, вопратка і графіці.

12 выцінанак, створаных Нінай Сакаловай-Кубай для календара:

 

Святое Раство

2-studzenn

Гняздоўе

4-liuty

Чаканне вясны

6-sakawik

Вялікдзень старажытны

8-krasawik

Люлі-люлі птушаняткі

10-trawenn

Расцвіў кусток

12-cherwenn

Такавішча

14-lipenn

Карагод

16-zniwenn

Мілае гняздо

18-werasenn

Квецень

20-kastrychnikk

Пеўні гаспадараць

22-listapad

Святое Раство

24-snezann

Стварэнне і выданне календара на платформе Talaka.by падтрымалі:

Альгерд і Артур Пагорчанка, Таццяна Маркавец, Юлія Конік, Антось Бельскі, Юнэля Сальнікава, Ягор Дарашкевіч, Таццяна Варажун, Наталля Папова, Станіслаў Муліца, Міхаіл Касцюковіч, Зміцер Смаляк, Міхась Платонаў, Ірына Лабада, Дзяніс Кіпець ды яшчэ некалькі дзесяткаў чалавек. Дзякуй!

Над календаром працавалі:

выцінанкі: Ніна Сакалова-Кубай,
дызайн: Тамара Мельянец,
тэксты і менеджмент: Павел Белавус.

Система Orphus