03.01.2017

На YouTube адбылася прэм’ера відэаверсіі праекта «Народны альбом», адроджанага па ініцыятыве тэлеканалу «Белсат». Канцэрт стаў адным з галоўных хітоў навагодняй ночы 2017 – толькі праз інтэрнэт, без уліку спадарожніка, трансляцыю глядзелі тысячы карыстальнікаў з 19 краін свету.

У 1997 годзе выйшаў «Народны альбом» – супольны музычны праект, над якім працавалі амаль усе зоркі беларускага року 90-х.

«Народны альбом» – гэта не проста прадукт калектыўнай творчачасці, гэта нават не проста першы «беларускі мюзікл», напоўнены іроніяй і жартамі, гэта перадусім з’ява, якая пацягнула за сабой вялікія змены ў беларускай музычнай прасторы.

3

Канцэрт «Народны альбом. 20 гадоў» адбыўся на пачатку верасня ў Беластоку, квіткі на яго разыйшліся за дзве гадзіны. У стварэнні юбілейнай версіі бралі ўдзел Лявон Вольскі, Міхал Анемпадыстаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Кася Камоцкая, Аляксандр Памідораў, Сяргей Ахрамовіч, а таксама свежыя сілы ў асобах музыкаў Apple Tea, духавой секцыі, бэк-вакалістаў, актораў другога плану. 27 песняў распавядаюць гісторыю заходнебеларускага мястэчка ў міжваенны перыяд.

Таксама ў сеціва выкладзены дакументальны фільм «Ненаўмысны шэдэўр», які распавядае пра тое, як ствараўся праект.

З дапамогай дакументальнага фільма вы зможаце акунуцца ў той час, калі задумваўся праект, і прайсці разам з удзельнікамі 20-гадовы шлях ажно да рыхтавання рымейку на сцэне Падляскай оперы ў верасні 2016-га. Усе, хто меў дачыненне да «Народнага альбому», пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават краінах. Сяброўскія стасункі не захаваліся. Ці змогуць удзельнікі сабрацца разам? А калі змогуць, ці здолее новая інсцэнізацыя паўтарыць поспех папярэдняй?

24 лютага ў мінскім Prime Hall адбудзецца першы за 10 год паказ «Народнага альбому» ў Беларусі. Квіткі на месцы за столікамі і на сектарах ужо разыйшліся, засталася толькі частка танцпляцу па 35 рублёў.

Набыць квіткі можна ў Тэатральна-канцэртнай касе па адрасе: вул. Калініна, 5 (пн-пт, 10.00 – 19.00) альбо праз сайты Ticketpro.by, Bezkassira.by.

Інфалінія: (033) 655 55 96.

Система Orphus