17.05.2017

Каманда «Арт Сядзібы» нарэшце апрацавала сотні прац, якія прыйшлі на творчы конкурс «Сымбаль натхнення — Беларусь!», і гатовая прадставіць топ-23 аўтараў ды іх дызайнаў, праектаў і ідэй, якія пазмагаюцца за галоўныя прызы.

Нагадаем, што па выніках абмеркаванняў, аўтары трох лепшых прац, якія самастойна абярэ каманда «Арт Сядзібы» з улікам меркаванняў аўдыторыі нашага сайта і сацсетак, атрымаюць ганарары за 1, 2 і 3 месцы — 600, 400 і 200 BYN адпаведна, а іх працы-пераможцы з захаваннем пазнак аўтарства будуць увасобленыя ў новых прадуктах крамы Symbal.by.

Найбольш яскравыя працы, якія прэтэндуюць на перамогу, пад тэгам #СымбальНатхнення мы будзем цягам траўня асобна публікаваць у сацыяльных сетках «Арт Сядзібы» і Symbal.by, каб знаёміць шырокую аўдыторыю з цікавымі ідэямі і праектамі, збіраць меркаванні ды жывыя рэакцыі.

Для гэтага ў сацсетках пад кожнай публікацыяй прац можна будзе ў каментарах выказаць свае меркаванні ў форме паведамленняў, смайлаў і балаў. Гэтыя выказванні дапамогуць нам у аналізе прац і перспектыўнасці іх рэалізацыі ў выглядзе прадуктаў:

👏🏻 — неверагодна — 5, 👍🏻 — прышпільна — 4, ✋🏻 — пойдзе — 3,
✊🏻 — спрабуй яшчэ — 2, 👎🏻 — дрэнна — 1, 👊🏻 — ніяк — 0.

З усімі конкурснымі працамі ды іх аўтарамі, у тым ліку і тымі, што не трапілі ў топ-23, можна пазнаёміцца ў адмысловым альбоме конкурсу.

Топ-23 працаў творчага конкурса «Сымбаль натхнення — Беларусь!»

Калі ласка, азнаёмцеся з усімі працамі і прагаласуйце за тыя, што спадабаліся, тут!

1. Аўтар: Аляксей Самсоненка.

Дызайн для друку на цішотках. Усе працы выкананыя ўручную: туш, пяро, акварэльныя алоўкі.

2. Аўтар: Алена Пашкевiч.

Серыя паштовак «Iмёны».

3. Аўтар: Алеся Чэрнікава.

Наборы сталовых прыбораў з дызайнерскімі рукаяткамі.

Макеты насценных гадзіннікаў. Матэрыял можа быць любы (пластык, метал, кераміка).

4. Аўтар: Ганна Шэўчык.

Серыя паштовак з прымаўкамі на беларускай мове і сімваламі нашай краіны. Серыя знаходзіцца ў распрацоўцы, зараз прэзентуем тры паштоўкі.

Паштоўкі характарызуюцца ўласнымі шрыфтамі і графікай. На погляд аўтаркі, такія рэчы здольныя падняць узровень нацыянальнай самасвядомасці, а таксама зацікавіць замежных гасцей гарадамі нашай краіны. Плюс гэта выдатны шанец вывучыць прымаўкі і крылатыя выразы па-беларуску!

1-я паштоўка: Брэст. «Мой дом — мая крэпасць». Графічны малюнак на паштоўцы: Брэсцкая крэпасць-герой.

2-я паштоўка: Мінск. «Спакон веку кніга гадуе чалавека». Графічны малюнак на паштоўцы: Нацыянальная бібліятэка Рэспублікі Беларусь.

3-я паштоўка: Гродна. «Гродна — гэта неверагодна». Графічны малюнак на паштоўцы: Фарны касцёл (Сабор Святога Францішка Ксаверыя).

5. Аўтар: Арсень Воўчак.

У сваіх працах аўтар паказаў тое, што яго заўсёды захоплівала ў нашай краіне і гісторыі. Дызайнер падрыхтаваў дзве працы — для мужчын і жанчын.

Першая праца паказвае ваяра Вялікага Княства Літоўскага — крылатага гусара.

Другая праца паказвае прыгажосць нашай прыроды, на ёй намаляваны сымбаль Беларусі — Зубр.

6. Аўтар: Марына Балык.

Праект па аднаўленню, вырабу і папулярызацыі народных лялек-мотанак.

7. Аўтар: Віктар Завадскі.

Конкурсная работа пад назвай «Пяты элемент», у якой адлюстраваныя тыя рэчы, якія аб’ядноўваюць нас і без якіх мы б не змаглі існаваць.

Гэтыя прынты могуць мець места як на дарослай вопратцы, так i на дзіцячым адзенні.

8. Аўтар: Андрэй Данiлаў.

Праца «Беларускі абшар!» Калі знаходзішся за мяжой, то не хапае роднага прастору!

Праца «Птушка». Птушка заўсёды з’яўляецца сiмвалам волі і вялікага прастору!

Праца «Пад бела-чырвоным колерам».

9. Аўтар: Зінаіда Зайко.

Серыя бланкаў «Дыплом» 1-й, 2-й і 3-й ступеняў.

Бланкі дыпломаў выкананыя для стандартнага памеру прапарцыйна А3 фармату ў разгорнутым выглядзе. Візуальная аснова для дызайну бланкаў — беларускі нацыянальны арнамент.

Дыпломы, граматы і падзячныя лісты традыцыйна выкарыстоўваюцца ў розных установах. Асабліва гэта актуальна для сістэмы адукацыі. Хацелася б бачыць больш падобных бланкаў з нацыянальнай сімволікай.

У працы таксама прадстаўленыя варыянты выкарыстання аднаго з арнаментаў для паліграфічнай прадукцыі (канверт, бланк, візітоўка).

Варыянт арнаменту з сімваламі кахання па матывах беларускай вышыўкі.

Узор выкананы ў традыцыйных колерах беларускай вышыўкі (белы, чырвоны). Сучасная інтэрпрэтацыя выкарыстання знакаў кахання ў беларускай вышыўцы. На конкурс прадстаўлены варыянт з тэкстылем для немаўлят. Увесь арнамент, а таксама яго асобныя элементы, могуць выкарыстоўвацца на паштоўках, значках і г.д.

Серыя віншавальных паштовак з беларускім арнаментам.

Элементы арнаменту могуць таксама выкарыстоўвацца для рознай сувенірнай прадукцыі.

10. Аўтар: Іван Краўчэня.

Ідэя аднаўлення даваенных дзіцячых кніжак, якія былі створаныя выбітнымі беларусамі, альбо выйшлі на беларускай мове. Іван знайшоў іх і аднавіў, падрыхтаваў да друку, але яму патрэбна дапамога, каб прасунуць гэты праект далей.

Іван піша: «Мне падаецца, што ў нас вельмі мала беларускамоўнай дзіцячай літаратуры, хоць яе адсотак і павялічваецца, але мой праект унікальны тым, што ён і гістарычны, і мастацкі, і адукацыйны!

Старыя дзіцячыя кніжкі амаль не даходзяць да нашага часу, бо, вядома, дзеці іх не берагуць ад пачатку, а ўлічваючы іх маленькі тыраж і ўзрост, усё, што я аднавіў, можна называць рарытэтам.

Вядома, мне хацелася б іх выдаць максімальна падобнымі на тыя, якімі яны былі ў арыгінале, на падобнай паперы і таго ж фармату. Кнігі невялічкага аб’ёму, і таму не спатрэбіцца шмат сродкаў на іх выданне».

Кожны экзэмпляр унікальны, некалькі слоў пра іх:

«Бунт Моці-Гёджа» цікавы тым, што пераклад зрабіла жонка Максіма Гарэцкага — Леаніла Чарняўская.

«Як пеўнік курачку ратаваў», «Зайчыкі» і «Два марозы» — народныя казкі, якія выдаваліся пад мастацкім кіраўніцтвам Якуба Коласа, з малюнкамі Волкава і Кашкеля.

Яшчэ Іван мае ідэю па стварэнні кнігі «Чараўнік Краіны ОЗ» у яе першым выданні 1900 года ў перакладзе на беларускую мову! Макет ужо ў распрацоўцы.

11. Аўтар: Кацярына Разумоўская.

Серыя ілюстрацый «Дом на дрэве». Дом на дрэве — гэта штосьці роднае, што нагадвае нам пра ўласны дом, дзяцінства. Дом — гэта не толькі памяшканне, у якім мы жывем, але і наш родны горад, родная зямля — Беларусь.

Дрэва — знак жыцця, сям’і, свету. Менавіта таму праз сімволіку дрэва, аўтарка хацела паказаць, што Беларусь мае сваю гісторыю, культуру, традыцыі, пра якія, нажаль, у наш час многія не ведаюць.

Гэтыя ілюстрацыі могуць стаць прынтамі на розных рэчах, такіх як кубкі, майкі, торбы.

12. Аўтар: Ганна Кудраўская.

Шэраг прац пад назвай «Выявы на цішоткі».

Аўтарка піша пра свае дызайны: «Усе мы ведаем і бачым штодня людзей у вопратцы з рознымі тэкставымі выявамі, у асноўным на англійскай мове. Вось так бывае: едзеш у метро, а насупраць чалавек у такой вопратцы. Сядзіш і чытаеш, але мала што разумееш, бо англійская мова на базавым узроўні.

Шкадуеш — можа там што цікавае напісана. Канешне, сустракаюцца зусім простыя надпісы з простым сэнсам. Вось у мяне з’явілася ідэя ствараць такія надпісы на беларускай мове з беларускім сэнсам. Хай людзі ў метро насупраць атрымліваюць задавальненне ад сустрэчы з беларускай мовай ці шкадуюць пра базавы ўзровень і падцягваюцца.

Гэтай ідэі прысвечаны працы «Дабрыня», «Думкі», «Матылькі», «Млын», «Жыве Беларусь». Праца «Мая краіна Беларусь» — гэта варыяцыі на тэму беларускіх сімбаляў».

13. Аўтар: Яўгенія Купрацэвіч.

Артбук «Zavalnia» паводле аднайменнай кнігі Яна Баршчэўскага, які правядзе вас у таямнічы свет беларускіх легенд і забабонаў. Візуальны стыль заснаваны на творчасці Валерыя Славука і яго ілюстрацыях да «Шляхціча Завальні», а таксама на папулярнай кнізе з 90-х «Заклятыя скарбы».

Артбук будзе складацца з 60 мастацкіх ілюстрацый з сюжэтамі з арыгінальнай кнігі і 12 апавяданняў у форме цытат і visual first-фармат, які лёгкі да ўспрымання.

14. Аўтары: Мікалай Гірэйка і Юлія Даргевіч.

Ідэя рабіць зэдлікі была чыста ўтылітарнай — трэба было на чымсьці сядзець у новай кватэры. Што можа быць прасцей зэдліка?

Аўтары кажуць: «Агледзеўшы рынак беларускай мэблі, мы зразумелі, што цікавых па дызайне вырабаў мы не знойдзем, а еўрапейская мэбля каштуе ў Беларусі неапраўдана дорага, таму вырашылі зрабіць сабе зэдлікі самастойна.

У працэсе працы ўдала злучылася любоў Мікалая да сталярнай справы і творчыя здольнасці Юліі (па прафесіі яна архітэктар).

Доўгатэрміновая мэта — стварыць беларускі мэблевы брэнд, натхнёны беларускасцю і здольны калі-небудзь канкураваць з Ikea, брэнд, які будзе папулярызаваць культуру Беларусі.

Аўтары праекта пакуль толькі ў самым пачатку свайго шляха і хочуць зразумець, ці будуць іх ідэі цікавыя людзям.

15. Аўтар: Яўгенiя Пicарэнка.

Вырабы «Зорачкі». Падвескі на вокны, значкі, брошкі. Тэхніка «вітраж тыфані». Шкло каляровае, волава.

«Зорачка мая,
Светлая мая,
Узімку і вясною,
А ці снег мяце,
А ці дождж ідзе,
Ты заўжды са мною».

«Загляне сонцэ і ў нашэ ваконцэ».

Вырабы «Каласы». Упрыгожаннi для кветкавых вазонаў, падставак з алоўкамi i г.д. Тэхніка «вiтраж тыфані». Шкло каляровае, волава, медны пруток.

«Каласы пад сярпом тваім».

16. Аўтар: Паліна Баштык.

У сваёй працы Паліна адлюстравала цыкл змен паравін года ў вобразе дрэва. Бо дрэва як і чалавек: у яго ёсць карані, але ёсць і прастор, куды яно імкнецца, каб расці, развівацца. А на дрэве — арнамент, як нямы сведка ўсяго жыцця чалавека-беларуса. Кожны арнамент мае сваё значэнне, звязанае з парой года альбо з жыццём беларусаў.

Беларуская самабытнасць. Якая яна? Чым мы адметныя?

Мы ганарымся сваімі краявідамі, сваімі маленькімі рачулкамі і шырокімі палямі, мы любім сваю гісторыю, сваю культуру і мастацтва, а таксама мы шануем і паважаем людзей беларускіх, сваіх продкаў і тых, хто жыве побач з намі зараз. Хоць зараз няма з намі нашых прабабуль і прадзядуль, але іх душы заўсёды побач.

Мы знаходзім іх у рэчах, што яны пакінулі нам, — менавіта ў тых мастацкіх вырабах, што многія з нас знаходзяць у шафах сваіх бабуль. Усе гэтыя тканыя абрусы, ручнікі, посцілкі з арнаментамі распавядаюць нам пра жыццё нашага беларускага народа, пра турботы і шчасце, пра працу і адпачынак. Вобразы ўраджаю і ўрадлівасці, вобразы маці, сям’і, вобразы краіны, вобразы песень, кветак і прыроды — усе яны яднаюць нас, сучасных беларусаў з нашымі продкамі. І гэтае яднанне – нітка, што звязвае нас з мінулым, але і дае кірунак на будучыню.

17. Аўтар: Таццяна Сурмачэўская.

Таццяна ў 1980-1990-х займалася распрацоўкай мастацкіх вырабаў у ЦНР «Скарбніца». Зараз дапамагае мужу Сурмачэўскаму Ігару ў рэстаўрацыі беларускіх святынь, разам робяць выставы, збіраюць вялікую калекцыю па гісторыі ВКЛ з 1990-х.

Таццяна прапануе жаночыя ўпрыгожванні. Гэта невялічкая частка таго, што ёсць у эскізах.

1. «Матуля-зямля». Тасьма з сымбалямі абярэгу, нефрытавыя пацеркі, металічны ланцужок, баваўняныя ніткі. На металічнай падвесцы выкарыстаны ўзор «хлеб».

2. «Рэчанька». Тасьма з сымбалем абярэгу, пацеркі з натуральнага камня, металічны ланцужок, баваўняныя ніткі. На металічнай падвесцы выкарыстаны ўзор «вада».

3. «Вясна-вяснянка». Тасьма з сымбалем абярэгу. Металічны ланцужок, перламутравыя пацеркі, баваўняныя ніткі, карункавыя металічныя падвескі.

18. Аўтар: Дзіяна Чэб.

На серыю гэтых прынтоў аўтарку натхніў наш родны край. У прынтах яна спалучала смелую фактуру, характэрную свайму стылю, народныя вобразы і сымболіку, знаёмую кожнаму з маленства. Сваімі ілюстрацыямі Дзіяна імкнецца ўнесці нешта новае і незвычайнае.

Дызайн «Зямля пад белымі крыламі».

Дызайн «Валошкі».

Дызайны «Купалле» і «Шчасце блізка».

Дызайн «Бусел».

19. Аўтары: Юля і Аксана Салавей.

Дзіцячыя драўляныя кубікі для складання малюнкаў ў стылі беларускай выцінанкі.

20. Аўтар: Яніна Янцэвіч.

Праект «Вандроўкі па Беларусі». Гэта серыя картак з выявамі цікавых архітэктурных (гісторыка-культурных) аб’ектаў Беларусі і іх кароткія апісанні.

21. Аўтар: Яўгенія Старавойценка.

Кніга «Страшны звер».

22. Аўтар: Алег Гірэль.

Серыя аўтарскіх ілюстрацый.

 23. Аўтар: Ганна Макарава.

Праца «Тры чарапахі» з’явілася пад надхненнем усімі вядомай песні N.R.M. Галоўныя сымбалі ў працы — «Душа», «Сям’я», «Радзіма».

Праца «Мая краіна» адлюстроўвае ўнутраны стан маладой дзяўчынкі, любоў да сваёй краіны. Гэты прынт добра падыдзе для адзення, торб, сувеніраў.


Система Orphus